«ТЛУМАЧА́ЛЬНЫ СЛО́ЎНІК БЕЛАРУ́СКАЙ МО́ВЫ»,

першы ў гісторыі бел. лексікаграфіі. Створаны ў Ін-це мовазнаўства АН Беларусі пад агульнай рэд. К.​К.​Атраховіча (Кандрата Крапівы). Выдадзены ў 5 тамах у 1977—84 выд-вам «Беларуская Энцыклапедыя». Тлумачыць значэнні слоў і фразеалагічных зваротаў, вызначае іх унармаванае ўжыванне, вымаўленне і напісанне. Яго асн. задачы — адлюстраванне лексіка-семантычнага стану бел. літ. мовы ад пач. 20 ст. да 1970-х г., садзейнічаць далейшай нармалізацыі бел. літ. мовы і павышэнню маўленчай культуры бел. народа, служыць крыніцай для даследчыкаў пры вывучэнні лексічных сродкаў блізкіх па паходжанні моў. У ім змешчана больш за 105 тыс. слоў, фразеалагічных і тэрміналагічных выразаў. Лексічны матэрыял падаецца ў алфавітным парадку. Уключаны тэрміны, што ўвайшлі ў падручнікі сярэдняй агульнаадукацыйнай школы або часта ўжываюцца ў перыяд. друку і навук.-папулярнай л-ры; агульнаўжывальная лексіка і фразеалогія, якая выкарыстоўваецца ва ўсіх жанрах і стылях сучаснай бел. літ. мовы; новыя словы, засвоеныя шырокім колам грамадскасці; іншамоўныя словы, архаізмы і гістарызмы. Кожнае слова забяспечана грамат., стылістычнай і акцэнталагічнай характарыстыкамі, ілюстрацыйным матэрыялам (цытатамі з маст., навук. і публіцыстычнай л-ры). Да слоў іншамоўнага паходжання даюцца этымалагічныя даведкі. Не даюцца ўстарэлыя і вузкадыялектныя словы, індывідуальныя неалагізмы, складаныя прыметнікі (што пішуцца праз злучок), прыслоўі з прыстаўкай «па-», літарныя абрэвіятуры.

М.​Р.​Суднік.

«Тлумачальны слоўнік беларускай мовы».

т. 15, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)